Уладас Бразюнас


Пераклаў зь літоўскае
Андрэй Хадановіч


чырвоная кніга
(raudonoji knyga)

як толькі прыйдзе гэты сон забыты
скрываўлены нібыта ўсплёск нябыту
зімовы дыптых сьнегу і гіля
і выплакаўшы сьцішаную вусьціш
праклён дабраславеньня ў сьвет адпусьціш
рука абдыме й высахне пасьля

гудзеньне ў галаве і словы, словы
а ў небе колер коціцца гілёвы
мы нічые, не асуджайце нас
і рана, рана, Госпадзе, як рана
бы выбух тагасьветнага туману
нас з галавою накрывае час

як за лязо хапаесься за сон ты
і згадкамі фарбуеш гарызонты
ды занядбаўшы не ўратуеш зноў
яны лятуць у кніжны вырай нібы
з птушынай асавелае сядзібы
нянашых дзён і нашых ночных сноў


пробліск
(prašvitimas)

час гадзіньнікаў рушыць бяз мэты
хто навосьлеп ім будзе сустрэты?
абмінаючы хібы, ступае
яго крокаў чароўнасьць сьляпая
не стрымаць, хоць ня ведае колаў
на яго камяні схіліш голаў:

будзе Нёман гучаць яго тонам
гэты гоман ласкавы за што нам?
гэту сонцам каваную зброю
ці да Грунвальду несьці герою?
ці пачуем праз бой і вясельле
як на схілах расьце пустазельле?

ціха-ціха сьвітанак агорне
чары з памяці здыме, відушчы:

– доўга-доўга іграцьме на горне
гучны-гучны адгук яго ў пушчы


балцкія мовы
(baltų kalbos)

словы дадзеныя балтам
нібы латнікі з малітвай
каранямі пад асфальтам
шлях накрэсьляць па зямлі твой

выбухныя быццам бомбы
ў ночы чуюцца чужой
калі б мог іх піў нагбом бы
за латыскаю мяжой

мкнуў бы ў неба склон кульгавы
вінавальны безь віны
й даўгавечнаю Даўгавай
разгайдаў званы Дзьвіны

родны творны жыцьцядайны
ўсе выбалтывают тайны
бы вяслуючы на роўных
у балтыйскіх чорных чоўнах